УЛАДЗІ́МІРА-СУ́ЗДАЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА, Уладзімірскае вялікае княства,

найбуйнейшая дзяржава Паўн.-Усх. Русі ў 10—14 ст. Сталіцы: гарады Растоў, Суздаль (з 1125), Уладзімір (з 1157). Да сярэдзіны 12 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, пры кн. Юрыю Далгарукім і яго нашчадках самаст. вял. княства. У 1238 спустошана манголамі, з сярэдзіны 13 ст. — васал Залатой Арды. Яе ханы прызначалі уладзімірскіх князёў, якія лічыліся старэйшымі ў Паўн.-Усх. Русі, часова падпарадкоўвалі сабе б.ч. былых чарнігаўскіх і смаленскія землі, імкнуліся падначаліць Наўгародскую і Пскоўскую феад. рэспублікі. Паступова Уладзімірскае вял. княства распалася на асобныя ўдзельныя княствы, з якіх найб. моцнымі былі Маскоўскае і Цвярское. Пасля працяглай барацьбы паміж імі ўладзімірскі велікакняжацкі прастол у 1327 канчаткова перайшоў да маскоўскіх князёў. У 1362 маскоўскі вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі абвясціў Уладзімірскае княства сваёй вотчынай і аб’яднаў яго з Маскоўскім вялікім княствам.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)